ЮА́НЬ ШЫКА́Й (16.9.1859. пав. Сянчэн, прав. Хэнань, Кітай — 6.6.1916),

кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Кітая. Ваен. службу пачаў пад кіраўніцтвам Лі Хунчжана ў Аньхойскай арміі, якая ў 1882 уведзена ў Карэю; у 1885—94 намеснік кіт. імператара ў Карэі. У час «ста дзён рэформ» (1898) напачатку далучыўся да рэфарматараў, потым адышоў ад іх. У 1901—08 намеснік сталічнай прав. Чжылі; узначальваў рэарганізацыю кіт. арміі на еўрап. ўзор. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 з кастр. 1911 галоўнакаманд. войскамі Янцзыцзянскага раёна, з 2.11.1911 — прэм’ер-міністр Кітая. Пасля адрачэння дынастыі Цын з 2.2.1912 часовы, з 13.10.1913 пастаянны прэзідэнт Кітая. Імкнуўся ўсталяваць рэжым асабістай улады. У ліп.—жн. 1913 падавіў узбр. выступленне прыхільнікаў Сунь Ятсена («другую рэвалюцыю»), у студз. 1914 распусціў парламент, у снеж. 1915 абвешчаны імператарам, але ўзбр. выступленні ў правінцыях прымусілі яго ў сак. 1916 адмовіцца ад рэстаўрацыі манархіі. Раптоўна памёр у Пекіне.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)